РУ́РСКІ КАНФЛІ́КТ 1922—23,
міжнародны канфлікт у сувязі з франка-бельг. акупацыяй Рурскай вобл. Германіі. Выкліканы праблемай спагнання з Германіі рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны і прэтэнзіямі Францыі на гегемонію ў тагачаснай Еўропе. Яшчэ ў 1921 франц. і бельг. войскі акупіравалі рурскія гарады Дзюсельдорф і Дуйсбург, каб прымусіць герм. ўрад прыняць Лонданскі ультыматум ад 5.5.1921, які ўстанавіў суму рэпарацый у 132 млрд. залатых марак. Германія прыняла ультыматум, але выконвала яго толькі год. 11.12.1922 апублікавана заява ням. магната Г.Стынеса, з якой вынікала, што герм. ўрад не павінен плаціць рэпарацыі. У адказ на невыкананне Германіяй яе рэпарацыйных абавязацельстваў франц. ўрад на чале з Р.Пуанкарэ вырашыў завалодаць т.зв. прадуктыўнымі закладамі — шахтамі Рурскага вугальнага басейна і сталеліцейнай прам-сцю Рура; 11.1.1923 франц. і бельг. войскі акупіравалі ўвесь Рур. Гэта акупацыя пазбавіла Германію больш як 70% здабычы каменнага вугалю і звыш 50% вытв-сці чыгуну, прывяла да паглыблення крызісу яе гаспадаркі (інфляцыя, развал вытв-сці, масавае беспрацоўе, галеча насельніцтва). Герм. ўрад на чале з В.Кунам заклікаў жыхароў Рура да «пасіўнага супраціўлення» і сабатажу. Акупац. ўлады выселілі з Рура ў Германію каля 130 тыс. чал., штрафавалі, каралі смерцю. Восенню 1923 новы герм. ўрад Г.Штрэземана спыніў кампанію «пасіўнага супраціўлення», у канфлікт умяшаліся Вялікабрытанія і ЗША. Пасля прыняцця Даўэса плана франц. і бельг. войскі ў жн. 1924 — жн. 1925 выведзены з Рура.
У.Я.Калаткоў.
т. 13, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)